Міёрскі гісторыка-этнаграфічны музей

Міёрскі гісторыка-этнаграфічны музей заснаваны ў 1983 г., адчынены для наведвальнікаў у 1994 г. Плошча экспазіцыі 131 м2 , колькасць экспанатаў асноўнага фонду 4844.

У экспазіцыі прадстаўлены жалезныя прылады працы, шкляныя пацеркі, ювелірныя ўпрыгожванні з археалагічных помнікаў Міёрскага раёна, матэрыялы, прысвечаныя падзеям 1812 г., паўстанням 1830 – 1831 гг. і 1863 – 1864 гг., рэвалюцыі 1905 г., 1-й сусветнай вайне, перыяду знаходжання тэрыторыі раёна ў складзе Польшчы, дзейнасці партызан і падпольшчыкаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, развіццю народнай гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі прадстаўлены таксама творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У музеі арганізуюцца часовыя выставы з асабістых фондаў і іншых музеяў. Распрацаваны маршруты экскурсій па памятных і гістарычных мясцінах на тэрыторыі раёна і горада.